


Як страшная зь нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зэніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзьняўшы дымны, зорны сьмерч,
Ў імгненьне найвышэйшага узьлёту
У лікаваньні раптам стрэнуць сьмерць.
Пімену Панчанку, У. Караткевіч
Песні мы свае не самі выбралі,
Рытмы не ў чужых краях знайшлі.
Ды мармычуць многія верлібрамі
На маёй на песеннай зямлі.
Не хачу, як лапаць той разбэрсаны,
Тупаць з раскудлачанымі вершамі,
З пустазеллем каля жытніх баразён.
Нашы песні дышуць праўдай, вернасцю,
Нашы песні пахнуць жытам, верасам,
І не заглушыць іх чысты звон.
Чорныя марскія ночы,
Маякі далёкіх зораў...
Ты згубіла сёння вочы
У праклятым гэтым моры.
I стаіш цяпер сляпая,
I зусім, зусім не бачыш,
Як на сэрцы закіпаюць
Ад пакуты хвалі плачу.
Я гатоў плячо падкласці
Пад руку тваю, нябога,
Для мяне было б за шчасце
Весці гэткага сляпога.
З бессардэчнасцю дзявочай
Ты маўчыш, і нешта тоіш,
I, напэўна, доўга хочаш
Жыць з такою слепатою.
Я не магу судзіць нікога,
Дарую многае братам,
Бо сам не быў любімцам бога,
Я — пасівелы сірата.
Няўдачлівы і трохі грэшны,
А міласці не папрашу:
Я сам раздам усё дарэшты —
Жыццё, і вершы, і душу.
Я дзякую сябрам за дружбу
(Інакшых не хачу сяброў),
Зямлі — за хлеб, лясы і ружы,
Сям’і — за чуласць і любоў.
А небу дзякую за промні
На ўсім працягу лет і зім...
А там, успомняць ці не ўспомняць,
Я не турбуюся зусім.
Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мiрыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.
Гэтым бы i кiравацца…
Толькi і зло, i хлусня
Хiтра маскiравацца
Вучацца спрытна штодня.
Нехта i подлы, i хiжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам бiцца — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Як позна ліпы сёлета цвітуць...
Як позна ліпы сёлета цвітуць:
Было так доўга холадна і хмарна.
На жоўтых крыльцах зерняты лятуць
I шэрыя фарбуюць тратуары.
А я прыпомніў паваенны час:
Жылі ў скляпах, зямлянках і руінах,
Душыў нас папялішчаў горкі чад,
I марылі мы ўсе пра зеляніну.
Вайна у сэрцах будзе доўга тлець...
Згадзіліся мінчане пацярпець
I мудрых тых людзей не асудзілі,
Што першым чынам ліпы пасадзілі.
Бойні свету у крыві і сале,
На садах зямлі — атрутны пыл.
Колькі раз гісторыю пісалі,
Кожны набіваў на свой капыл.
А яна жыла, і бунтавала,
I сама тварылася сабой,
Нараджала, раны бінтавала,
Памятала ўсё пра кожны бой...
Кожны дзень, не ведаючы зморы,
Пра вайну расказвалі дзяды;
Везлі ўнукаў у Хатынь да гора,
Чорныя паказвалі сляды.
Дзеці за падручнікі заселі,
Дыхалі віхурамі атак.
I чаму — яны не разумелі —
Сумна ў гэтых кнігах і не так.
Дождж ізноў...
Якія лекі
Мне знайсці, каб сон прыйшоў?
Найвялікшая за лета
Ссыпка сіняя дажджоў.
Думкі змрочныя ад стомы:
Ну, зраблю яшчэ віраж,
А пасля цішком, без грому
Спішуць годы у тыраж.
Я аддам усё, што маю,
Буду голы, як Адам.
Толькі слёзы прыхаваю,
Толькі гора не аддам.
Што яшчэ мяне сустрэне? —
Я пытаюся радзей.
Сноў варушацца карэнні —
Прарастаю ў новы дзень.
Аб вясёлым цёплым доме,
Аб вясновых кветках першых,
Аб суседзях невядомых
Напісаць хачу я вершы.
Як напоўняцца кватэры
Маладымі галасамі,
Светлым сонцам, змрокам шэрым,
Пахам смажанага сала.
Дом з радзінамі, з каханнем,
З добрым смехам, з дробнай сваркай,
З невялікімі грахамі
Камунальнай гаспадаркі.
Дом, дзе ўбачыў я праз вокны
Не маленькі цесны дворык,
А прастор зямны шырокі,
Па якім сумуюць зоры.
Над белаю пустыняю аблок
Так ярка і самотна сонца свеціць.
Пад белаю пустыняю аблок
Гуляюць дзеці на маёй планеце.
На гэтай рэактыўнай вышыні
Не адчуваем руху, хоць нясе нас.
Спакойна, нібы едзеш на кані,
Як некалі на возе з мяккім сенам.
А там, дзе вецер воблакі змяце,
Я ў сінія акенцы пазіраю,
Гляджу, як самалёта лёгкі цень
Імкліва жыта на зямлі зжынае.
Таварышы партызаны,
Пабыць вам патрэбна ў баях.
Забудзьце на тыдзень пра раны,
Забудзьце пра старасці страх.
Выносьце са слаўных музеяў
Свае баявыя сцягі,
Выносьце сцягі у завеі,
Выносьце сцягі у снягі.
Хай пройдуць за вамі унукі
Маршрутамі доўгіх сцяжын —
Без вашай блакады і мукі,
Без куляў, гранатаў і мін.
Ім, юным, цяпер неабходна
Не святаў парадная медзь:
Ваш подзвіг
I вашы паходы,
Калі вы хадзілі
На смерць.
Рыжаватая, чарнапёрая,
А на крылах — блакіт для красы...
Кожным летам ад тлуму і зморы я
Уцякаю ў твае лясы.
Ды заўсёды такі насцярожаны
Крык твой, сойка.
Птушыны гнеў.
Можа, мне тут хадзіць няможна?
Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.
Ты ахоўвай, што ахоўваеш.
Хто спакою табе не дае?
I яловыя, і альховыя,
I дубовыя — ўсе твае.
Што ж ты крыкам мяне сустракаеш?
Мы маглі б падружыцца, бадай.
Ці то ворагаў многа маеш?
Ці то мне пагражае бяда?