Белыя яблыні

 

1

Вясной светлы сок прарывае бяросту
I рэкі сплаўляюць у мора свой панцыр.
Вясною на елчыных лапах адростваюць
Светла-зялёныя пальцы.
I гладзяць яліны свой ельнік малы
I пацеркі дораць з янтарнай смалы.

Зязюлі варожаць, і кнігаўкі жаляцца,
I глушаць усіх салаўі;
I з яблынь расцвіўшых тады нараджаюцца
Дзяўчаты на нашай зямлі.
Учора гулялі з маўклівымі лялькамі,
А сёння прыбраны каралямі яркімі.

О, белыя яблыні, белыя яблыні,
Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах!
Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя,
I хмель веснавы на гарачых губах!
Туман іх не студзіць, і ельнік не колецца,
Адны толькі маткі за іх непакояцца.

Пасля сарамліва і горда ім несці
Свой лёгкі цяжар у нялёгкі наш свет.
Сыноў і дачок нараджаць ім і песціць,
Успамінаючы яблыняў цвет.
А іншыя ў нечым навекі зняверацца,
Убачаць цвет яблыні — слёзы навернуцца...

2

Вякамі глядзелі жанкі з-пад рукі,
Чакалі мужоў і сыноў.
I падалі зоркі, нібы светлякі,
У прорвы бязрадасных сноў.
I самі касілі, і самі аралі,
А іх дарагія за іх паміралі.

Бялелі, як цвет той, іх чорныя косы,
I сцежкі у сад зарасталі...
I заўтра, як вырвуцца людзі у космас,
Іх гора лягчэйшым не стане.
Мы будзем усе касманаўтаў вітаць,
А маткі пякучыя слёзы глытаць.

Глядзець усю ноч ім да ранняй зары
Ў халодныя вочы сусвету
I думаць — ці зорка сягоння згарыць,
Ці з сынам любімым ракета.
Ім першым заўсёды марнець і трывожыцца,
На сотні трывог іх чаканне памножыцца.

Няма там слупоў верставых і дарог,
Няма для прыпынку абочын.
Сусвет ачарсцвеў і дашчэнту прадрог
Без ласкі вялікай жаночай.
А сёння я небу гукаю: не хмарся!
Народжаны ў нас жыхары ўжо для Марса.

Мы ўбачым жанчын у няземнай красе іх,
Яны — наша шчасце і гора —
Планеты заселяць, любоўю засеюць
Далёкія сінія зоры.
I недзе у космасе будуць прывабліва
Цвісці, як і ў нас, іх дзявочыя, яблыні.