Пад'яжджаючы да Мiнска...

 

Сягоння з апошнiм вайсковым бiлетам
Дадому, дахаты са службы я еду.
I вецер дняпроўскi задзьмухаў старанна
З маёй гiмнасцёркi пылiнкi Iрана.
На мяккай пасцелi ў купэ не ляжыцца:
«Цi шмат яшчэ вёрстаў да Мiнска, скажыце?» —
Пытаю наiўна у нейкага дзеда,
Хоць ведаю добра: не першы раз еду.
А дзед гаваркi i рахманы. Адразу
Ён шчодра сыпнуў мне станцыйныя назвы:
«Вось зараз пад'едзем да горада Оршы».
I Орша здаецца за Вену не горшай.
«Далей будзе цiхая станцыя Слаўнае... »
Вядома, тут кожная станцыя слаўная.
Якiя знаёмыя назвы i словы,
Якая цудоўная родная мова!
I ўсё мiлагучна для слыху майго:
I звонкае «дзе», i густое «чаго».

*

Стаю ля акна, у цішы калідора,
Са мной размаўляюць аршанскія зоры.
Цягнік атакуе начная дуброва,
Дубы мне гамоняць: «Здарова! Здарова!»
Мне ветла мігаюць агнямі будынкі,
А вецер асенні хапае ў абдымкі.
I раптам другія вятры наляцелі...
Ці зоры так доўга у вочы глядзелі,
Ці матчына сэрца ўжо стукнула недзе,
Што сын яе родны з вайны сёння едзе,
Ці попелам дзьмухнула з нейкай руіны,
Ці крыкнула птушка над нечай магілай,
Ці штось прашаптаць мне хацела краіна, —
Бо вельмі балюча душу зашчыміла.
Не трэба, Радзіма... Я ведаю, ведаю.
Цябе адбудоўваць з хлопцамі еду я.

*

Грукоча цягнік...
Праз якую гадзіну
Ты сыдзеш, мой верш, у журбе на руіны.
Ты горкага многа у Мінску пабачыш,
Без сведак, цішком, можа, нават паплачаш.
А зараз не гору, а добраму шчасцю
Расчынім уласныя сэрцы мы насцеж.
А зараз хай вецер дарожны засвішча,
Няхай захлынаюцца зорныя рэкі...
Паўстань, мая будучыня, з папялішчаў!
Стань, Мінск мой, такім, як хачу я,
Навекі.

*

На плошчы Герояў у зарыве яблынь
Пад сонца ўзнялася Даватара шабля.
Купала у бронзавай велічы горда
Любуецца родным праменістым горадам.
Палацы патонулі ў ліпах і клёнах.
Мінск стольны.
Мінск светлы.
Мінск бела-зялёны.
Няма тут завулкаў пакрыўленых, вузкіх.
Тут горад навукі, паэзіі, музыкі.
Тут людзі — прыгожыя, смелыя, вольныя.
Тут кепскія вершы пісаць не дазволена.
А свята настала — у шэрагах стройных
Ідуць на парадзе савецкія воіны,
I наш генерал пад галошанне медзі
Па слуцкім гарачым стаенніку едзе.
А там дыпламаты гамоняць тактычна
На мове выключна дыпламатычнай.
I з неба празрыстага сонца ласкава
Глядзіць на маю маладую дзяржаву.

*

Ты будзеш такім, а мажліва, і лепшым,
Мажліва, такім, які дзецям прысніцца.
Хай лягуць у мур твой і гэтыя вершы,
Мой Мінск дарагі — беларусаў сталіца!