Мы ўсе ў маланках і біятоках...

 

Мы ўсе ў маланках і біятоках,
У навальнічных успышках мы.
Яны, нябачныя нашаму воку,
Снуюць няспынна паміж людзьмі.

Бывае, нешта ў нас страпянецца,
Дык ведай: верны таварыш твой,
Забыўшы справы, к табе імкнецца
Са старамоднаю дабратой.

Калі ж з арбіты твой друг сарвецца,
Заўжды пачуеш, дзе б ты ні жыў,
Удар апошні роднага сэрца,
Апошні выбух яго душы.