У Брытанскім музеі

 

Гукні у першай зале — і заглохне
Твой голас у агромністай другой.
Багацце свету тут вякамі сохне,
А з сутарэнняў дыхае разбой.

Ды не гукаюць тут...
У ціхім тлуме
Ніхто не ўспомніць нечых слёз і страт...
Сланы і сфінксы.
Фараонаў муміі.
Фантастыка.
Гісторыі парад.

Тут акіяны, кантыненты, расы...
А вунь мастак — нязваны чорны госць
Стаіць ля родных рытуальных масак,
Змалёўвае дакладна ўсё як ёсць.

Такі не піша каралеве скаргі,
Пад вейкамі — прытоены агонь.
Ён ведае:
Украдзеныя скарбы
Зноў вернуцца у Афрыку яго.