На дзесяць працэнтаў болей...

 

На дзесяць працэнтаў болей,
Чым у мінулым годзе,
Збожжа сабрана ў полі,
Морквы на агародзе.

На дзесяць працэнтаў болей
Здабыта вугалю, нафты,
Пабольшала вучняў у школе,
Прыбавілася касманаўтаў.

На дзесяць працэнтаў болей
Прачытана Буніна, Бёля.
На дзесяць... забіта шайбаў.
На дзесяць... смачнейшы чай быў.

На дзесяць працэнтаў болей
З братамі з’едзена солі...
На дзесяць працэнтаў болей
Надзеі, трывогі і болю.