Мы ўсе крыху тыраны...

 

Мы ўсе крыху тыраны,
Мы ўсе крыху рабы...
Адзін жыццё тараніць,
Другі — абы, абы.

Пакуль ты станеш прахам,
Прыдаўлены зямлёй,
Жыві пад зорным дахам
Са спадчынай сваёй.

I люба ці не люба —
Пазней адпомсцяць нам
Свая былая грубасць
I нечы дробны шрам.

Сябе ты дакараеш
За даўнія грахі,
Маўкліва дагараеш,
Як перастой сухі.

Мажліва, што і ўнукі
Табе ж і аддадуць
Не дабрату навукі,
А слоў зласлівых муць.